Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлер Нямеччыны Мерц вітаў выхад на свабоду Ціханоўскага і паабяцаў «рашуча змагацца» за іншых палітвязьняў


Сяргей Ціханоўскі на першай прэсавай-канфэрэнцыі ў Вільні 22 чэрвеня 2025 году.
Сяргей Ціханоўскі на першай прэсавай-канфэрэнцыі ў Вільні 22 чэрвеня 2025 году.

«Добрай навіной» назваў вызваленьне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 беларускіх палітвяьзняў канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц.

«Сёньня я думаю пра многіх невінаватых людзей, якія ўсё яшчэ ўтрымліваюцца рэжымам у Беларусі. Мы працягнем рашуча змагацца за іх вызваленьне», — напісаў Мэрц на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Прэс-служба дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай апублікавала на яе сайце яшчэ шэраг рэакцый вядучых эўрапейскіх палітыкаў на вызваленьне ў Беларусі 14 палітвязьняў.

«Дарагая Сьвятлана, гэта цудоўныя навіны і моцны сымбаль надзеі для ўсіх палітвязьняў, якія пакутуюць пад жорсткім рэжымам Лукашэнкі. Эўропа працягвае патрабаваць іх неадкладнага вызваленьня», — заявілаў сацсетцы Х кіраўніца эўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен.

Старшыня Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала назвала вызваленьне палітвязьняў «цудоўнай навіной», падкрэсьліўшы, што барацьба за выхад на свабоду астатніх вязьняў «працягнецца».

«Вызваленьне Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 13 палітвязьняў — пазытыўны крок пасьля доўгай несправядлівасьці. Вітаю ўдзел ЗША, дзякуючы якому гэта стала магчымым, і падзяляю радасьць сем’яў. Але ўсе палітвязьні Беларусі павінны быць вызваленыя», — адзначыла вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас.

Усяго прыводзіцца больш за 60 рэакцый. Вызваленьне Ціханоўскага і яшчэ 13 палітвязьняў віталі прэзыдэнт Латвіі Эдрагс Рынкевічс, кіраўнік ураду Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан, кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Нямеччыны, Даніі, Ірляндыі, Ісьляндыі, Гішпаніі, Італіі, Латвіі, Літвы, Нарвэгіі, Польшчы, Эстоніі.

Таксама апублікаваныя пасланьні дэпутатаў Эўрапарлямэнту, прадстаўнікоў Эўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту, Сэнату ЗША, дыпляматаў, уплывовых палітыкаў, журналістаў і іншых.

З заявамі таксама выступілі Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, Парлямэнцкая асамблея NATO, праваабарончыя і іншыя міжнародныя арганізацыі.

Аб вызваленьні 14 палітвязьняў стала вядома неўзабаве пасьля сустрэчы спэцпрадстаўніка ЗША па пытаньнях Украіны Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых муж беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, экс-супрацоўнік «Радыё Свабода» Ігар Карней, выкладчыца Натальля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіна Красьнянская, бізнэсмэн Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чату «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыл Балахонаў.

Таксама вызваленыя Алан Роё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (абодва — грамадзяне Латвіі). Акрамя гэтага, паводле зьвестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх пакуль невядомыя, яны зьяўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.




Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG