Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабода не каштуе таго, каб яе давалі гвалтам». Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра вызваленьне палітвязьняў


брыфінг вызваленых беларускіх палітвязьняў у Вільні, 22 чэрвеня 2025
брыфінг вызваленых беларускіх палітвязьняў у Вільні, 22 чэрвеня 2025

Тут, з гэтага боку мяжы, усе радуюцца — вызваленьне, справядлівасьць перамагла, вывозьце ўсіх! А там, у Беларусі, дзе яны сядзяць ужо пяць гадоў, дзе за пяць гадоў прывыклі да ўсіх магчымых арыштаў і пры тым захоўваюць сваю годнасьць ды сваю прыродную повязь з радзімай, усё можа выглядаць па-іншаму.

Чым жывуць, пра што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў новым лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.


Вітаю, дружа!

Твой апошні ліст парынуў мяне ў экзыстэнцыйныя развагі. Мы ўсе радуемся гэтаму вызваленьню палітвязьняў «на просьбу прэзыдэнта Трампа» і чакаем наступных такіх акцыяў, дзеля чаго мноства людзей штодня кантактуюць, раяцца, плянуюць. І гэта добра, і добра, што людзі, якія прымаюць рашэньні ў сьвеце, пра гэта ведаюць і бяруцца дапамагаць. І вось на пятым годзе масавых рэпрэсіяў, хоць нічога ў Беларусі не мяняецца, пачынае фармавацца шырэйшы погляд на гэтую справу.

Падумаўшы, дык людзі ня выйшлі з турмы, а былі прыніжальна вывезеныя за мяжу

Ты пішаш, што такое вызваленьне — гэта насамрэч прымусовая дэпартацыя, бо адбываецца міма волі саміх палітвязьняў, якіх, выглядае, як катоў у мяху, выкідаюць за мяжу. Прыкладаў хапае — ад Марыі Калесьнікавай, што парвала свой пашпарт, каб застацца ў Беларусі, да зусім сьвежага — Натальлі Дулінай, якая хацела б памяняцца такім сваім вызваленьнем з кім-небудзь іншым, каму гэта трэба, бо ёй самой — не. Падумаўшы, дык людзі ня выйшлі з турмы, а былі прыніжальна вывезеныя за мяжу. І калі мы глядзім на іх, ненатуральна схуднелых, дык думаем пра іх здароўе, тым часам яны самі думаюць пра сваю годнасьць. Праблема тут у тым, што рэжым варыянтаў не дапускае і годнасьць палітвязьня для ахоўнікаў калі існуе, дык на тое, каб яе прыніжаць.

Дуліна кажа, што ў Беларусі ў яе ўсё: старая маці, дом, катЫ, пляны дый сядзець засталося паўгода. «Свабода не каштуе таго, каб яе давалі гвалтам, як мне», — кажа Натальля ў інтэрвію «Нашай ніве».

Ніхто ў яе не пытаўся, ці хоча яна выехаць. Закулі рукі ў кайданкі, накінулі мяшок на галаву і павезьлі. Тут, з гэтага боку мяжы, усе радуюцца — вызваленьне, справядлівасьць перамагла, вывозьце ўсіх! А там, у Беларусі, дзе яны сядзяць ужо пяць гадоў, дзе за пяць гадоў прывыклі да ўсіх магчымых арыштаў і пры тым захоўваюць сваю годнасьць ды сваю прыродную повязь з радзімай, усё можа выглядаць па-іншаму. І той, каму засталося паўгода турмы, можа са шкадаваньнем глядзець на тых, хто выехаў. На радзіме малох, наша выпрабаваньне, але і адна наша прысутнасьць — наша змаганьне за свабоду. Так у Беларусі думаюць моцныя людзі.

У адной з апошніх паэм Уладзімера Някляева Айчына становіцца турмой, а турма Айчынай. «Турма, — піша аўтар, — ня ведае маралі. І найперш тым стала падобнай да яе Айчына». Але ясна, што ўсе, хто на Бацькаўшчыне — у турме ці не ў турме, не за турму трымаюцца і не за амаральнасьць, а якраз наадварот — застаюцца з Айчынай, каб перажыць гэтую навалу — турму.

Людзі, вядома, розныя і кожны сам па-свойму разумее сваё шчасьце. Неяк я складаў трохтамовую анталёгію «Галасы Беларусі» — сьведчаньні людзей пра падзеі ў Беларусі ў 2020–2022 гады і ўжо там былі цалкам сабе пазытыўныя гісторыі «адседак» і цалкам сабе роспачныя гісторыі ўцёкаў. Самае галоўнае, што я для сябе засвоіў — іх ня трэба тыпізаваць. Хоць, вядома, пасьля лукашэнкаўскай турмы беларусы выглядаюць, як пасьля нацысцкага Асьвенціму. Хворыя, змучаныя, скашчэлыя…

Анджэй Пачобут «ня хоча» выходзіць з турмы (так кажа Лукашэнка). А чаму? Каб ня быць такім чынам выкінутым з радзімы. То бок якраз у гэтай справе вымалёўваецца пэўная тыпалёгія. І пачалася яна яшчэ ў 2020 годзе, калі на статысячных маршах у людзей спарадычна ўзьнікала ідэя самім ісьці ў аўтазакі ды запаўняць іх. Сэнс быў у тым, каб зьбіць амонаўцаў з тропу — дзе б яны набралі столькі аўтазакаў і месцаў у турмах…

Сяргей Ціханоўскі плача падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні, 22 чэрвеня 2025 году
Сяргей Ціханоўскі плача падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні, 22 чэрвеня 2025 году

Напэўна, тое, што я кажу, мала тычыцца людзей з падвойным або іншым грамадзянствам. Яны ўжо некалі рабілі свой выбар альбо і проста прыехалі ў Беларусь з-за мяжы. Што да «чыстых» беларусаў, то іх тыпізаваць не выпадае. І гэта, напэўна, ускладняе працу амэрыканскіх вызвольнікаў. Бо папросту кажучы, яны могуць змагацца за вываз таго, хто гэтага не жадае больш, чым «дасядзець» свой тэрмін. І як такое плянаваць, калі кантакту з палітвязьнем няма і спытацца ў яго немагчыма? Чалавек тут як рыбка, якую перавозяць зь ейнага натуральнага асяродзьдзя куды хочаш, не пытаючыся.

Лішне казаць, што рэжым такім чынам проста пазбаўляецца ад моцных людзей, спрашчае ўласнае існаваньне

Ненармальнасьць сытуацыі, вядома ж, у ненармальнасьці рэжыму. Мы кажам «выпусьціць усіх палітвязьняў», маючы на ўвазе — выпусьціць з турмы дадому, рэабілітаваць, адчапіцца ад чалавека. А выкінуць у мяшку за мяжу — гэта зусім іншае. Ніхто ня ведае, калі зноў прыедзе ўмоўны Келаг, але наступныя вызваленьні, як я разумею, уяўляюцца такімі самымі прымусовымі дэпартацыямі… Лішне казаць, што рэжым такім чынам проста пазбаўляецца ад моцных людзей, спрашчае ўласнае існаваньне.

У беларусаў стандартнае пажаданьне: «Самае галоўнае — здароўе». Гэта правільна. Вывезены за мяжу палітвязень мае шанцы паправіць сваё здароўе. Але здароўе ня мае ніякага дачыненьня да захаваньня чалавечае годнасьці. Моцныя духам людзі напружваюць сыстэму, гэта іхнае змаганьне цаной уласнага здароўя. І моцны не абавязкова той, чыё імя на слыху.

Бязьмерна радасна нам за мяжой у бясьпечнай краіне пабачыць сваіх сяброў, абняць іх, адчуць свой унутраны спакой за іх. Але трэба прызнаць, што гэта эгаістычнае адчуваньне. Бо моцны чалавек аказваецца часьцяком пазбаўленым свайго змаганьня за краіну, сваёй місіі. Як мінімум таму, што апынуўся тут не з уласнае волі.

Здаецца, мы паразумеліся. Пішы!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG