Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік Келага абвясьціў пра вызваленьне 14 палітвязьняў. Сярод іх Сяргей Ціханоўскі


Былыя палітвязьні размаўляюць са Сьвятланай Ціханоўскай. 21 чэрвеня. Вільня.
Былыя палітвязьні размаўляюць са Сьвятланай Ціханоўскай. 21 чэрвеня. Вільня.

Стала вядома пра вызваленьне 14 палітвязьняў, у тым ліку колішняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Сяргея Ціханоўскага.

«Дзякуючы моцнаму лідарству прэзыдэнта Трампа сёньня былі вызвалены 14 зьняволеных зь Беларусі. Дзякуй ураду Літвы за супрацоўніцтва і дапамогу — яны застаюцца сапраўдным сябрам і саюзнікам», — напісаў у сетцы X Джон Коўл, намесьніка спэцпасланьніка Кіта Келага. Заява зьявілася праз некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы Келага з Лукашэнкам.

Сяргей Ціханоўскі і Сьвятлана Ціханоўская
Сяргей Ціханоўскі і Сьвятлана Ціханоўская

Акрамя Ціханоўскага сярод вызваленых экс-супрацоўнік «Радыё Свабода» Ігар Карней, выкладчыца Натальля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіна Красьнянская, фігурант справы "Саюза беларускага нацыянальнага шчыта" Кірыл Балахонаў, бізнэсовец Сяргей Шэлег. Як высьветліў партал Reform,с Сярод вызваленых – грамадзянін Эстоніі Алан Раё, якога 1 красавіка 2025 года яго прыгаварылі да 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня». Усе яны вывезеныя зь Беларусі.

На відэа, запісаным у Вільні, Коўл расказаў некаторыя падрабязнасьці вызваленьня:

«Мы толькі што вярнуліся зь Беларусі з 14 людзьмі, якія цяпер вызваленыя. Прэзыдэнт Трамп заахвочваў гэтую паездку. Намесьнік дзяржсакратара Ландаў заахвочваў гэтую паездку, як і многія іншыя ў адміністрацыі. Злучаныя Штаты цяпер моцныя, таму мы можам дамагацца, каб такія рэчы рабіліся. Я пачаў адносіны з Лукашэнкам, і прыкладна шэсьць тыдняў таму мы вярнулі адтуль апошняга амэрыканца, якога там утрымлівалі. Гэтым разам мы вярнуліся туды, і 14 чалавек з розных краінаў цяпер на волі.

І мне запомніўся момант, калі іх прывезьлі ў фургоне па невялікай дарозе, я адкрыў дзьверы і пабачыў, што ва ўсіх іх былі апушчаныя галовы вось так (паказвае. — РС). Яны ня ведалі, што адбываецца. І я сказаў: „Вы вызваленыя“. Некаторыя зь іх размаўлялі па-ангельску, зразумелі мае словы, сказалі іншым і ўсё зьмянілася. Бо яны зусім ня ведалі, куды іх вязуць. Іх маглі везьці ў нейкае жахлівае месца. Іх прывезьлі да мяне як сапраўдных вязьняў, з рукамі за сьпінамі і ўсім такім. Калі яны пачулі, што яны вольныя, яны зьнерухомелі. Яны хочуць падзякаваць і я хачу падзякаваць прэзыдэнту Трампу за ягонае лідэрства і падтрымку таго, што мы робім па ўсім сьвеце, каб вызваліць людзей і палепшыць іх жыцьцё. І гэта тое, што мы зрабілі сёньня».

  • Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар папулярнага youtube-канала «Страна для жизни». Яго затрымалі ў траўні 2020 году ў Горадні падчас чарговага пікету па зборы подпісаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай як кандыдаткі на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году. Сьвятлана зарэгістравала сваю кандыдатуру пасьля таго, як Сяргея Ціханоўскага да іх не дапусьцілі.
  • 14 сьнежня 2021 году ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3 Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў калёніі, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293 КК), грубым парушэньні грамадзкага парадку (артыкул 342 КК), перашкодзе ажыцьцяўленьню выбарчых правоў (артыкул 191 КК) і распальваньні варожасьці (артыкул 13 КК).
  • У лютым 2023 году Ціханоўскаму дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня ў справе аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411 КК).
  • Сьвятлана Ціханоўская пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пад ціскам беларускіх уладаў вымушана выехала ў Літву, дзе стала лідэркай беларускай апазыцыі ў выгнаньні.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG