Стаўка рэфінансаваньня 25 чэрвеня будзе павышаная з 9,5 да 9,75 адсоткі гадавых. Такое рашэньне прынятае 23 чэрвеня па выніках пасяджэньня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі, прысьвечанага разьвіцьцю сытуацыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сфэры, паведамляе «Позірк».
Прычынамі прэс-служба рэгулятара называе «рызыкі, зьвязаныя з павышанай траекторыяй інфляцыі», якая складваецца, а таксама «стымуляваньне інвэстыцыйнай актыўнасьці».
«Аналіз паказвае, што, нягледзячы на захаваньне станоўчай дынамікі эканамічнага росту, узмацняецца макраэканамічны дысбалянс, выкліканы нарошчваньнем разрыву паміж тэмпамі росту прадукцыйнасьці працы і заработнай платы», — заявіў старшыня праўленьня Нацбанку Раман Галоўчанка,
Паводле яго слоў, у выніку павышэньня заробкаў адбываецца «рост спажываньня, які прыводзіць да істотнага павелічэньня спажывецкага імпарту». Рост даходаў, дадаў ён, «павышае крэдытаздольнасьць грамадзян, што ў сваю чаргу вядзе да павышанага попыту на імпартныя тавары працяглага карыстаньня».
Галоўчанка кажа, што аб’ём спажывецкага імпарту за чатыры месяцы 2025 году вырас на 14,5 адсотка, што «таксама сьведчыць аб рызыках павышэньня ціску на сальда бягучага рахунку плацёжнага балянсу».
«Пры гэтым назіраецца ўстойлівы прафіцыт ліквіднасьці ў банкаўскай сыстэме і рост грашовай масы ў гадавым выражэньні на ўзроўні вышэйшым за 15 працэнтаў. З улікам павышанай траекторыі інфляцыі, якая складваецца, праўленьне Нацыянальнага банку лічыць неабходным прыняцьце рашэньняў, накіраваных на павышэньне прывабнасьці зьберажэньняў у эканоміцы і, як сьледзтва, рост рэсурснай базы для інвэстыцыйнай актыўнасьці», — сказаў Галоўчанка.
У гэтай сувязі партал «Зеркало» нагадвае, што Цэнтрабанк Расеі 6 чэрвеня зьнізіў ключавую стаўку — гэта аналяг стаўкі рэфінансаваньня ў Беларусі — да 20% гадавых і прыводзіць меркаваньне эканамісткі Анастасіі Лузгіно, якая прагназуе, што расейскі рубель можа плаўна аслабнуць да даляра, а ўсьлед за гэтым — і беларуская нацыянальная валюта.
У бюлетэні дасьледчага цэнтру BEROC «Маніторынг эканомікі Беларусі: тэндэнцыі, настроі і чаканьні. Люты 2025 г.» сьцьвярджалася, што палітыка Нацыянальнага банку Беларусі «не адпавядае рэальнаму становішчу спраў», бягучыя ўмовы «патрабуюць умеранага ўзмацненьня жорсткасьці грашова-крэдытнай палітыкі», аднак рэгулятар «пазьбягае прыняцьця рашэньняў адносна стаўкі рэфінансаваньня».
- 28 чэрвеня 2023 году Нацбанк панізіў стаўку рэфінансаваньня з 9, 75 да 9, 5% гадавых. На працягу 2023 году стаўка пастаянна зьніжалася: 23 студзеня — з 12% да 11,5%, 1 сакавіка — да 11%, 3 красавіка — да 10,5%, 2 мая — да 10%, 31 мая — да 9,75%.
- Стаўка апошні раз павышалася 1 сакавіка 2022 году — з 9, 25% да 12%.
Форум