Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: Беларусь удзельнічала ў 38 абменах паміж Расеяй і Ўкраінай


Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Іван Тэртэль. Архіўнае фота
Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Іван Тэртэль. Архіўнае фота

Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Іван Тэртэль заявіў, што прадстаўнікі Беларусі ўдзельнічаюць у абменах палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай зь верасьня 2022 году.

«Абменныя апэрацыі пачаліся, наколькі я памятаю, 21 верасьня 2022 году — была праведзеная першая апэрацыя. З таго моманту мы правялі 38 абменных апэрацый, у выніку якіх ажыцьцяўляліся абмены ваеннапалоннымі, цывільнымі асобамі, дзецьмі з аднаго і зь іншага боку. Праводзілася ўзьяднаньне сямей. На жаль, абмен целамі загінулых», — сказаў Іван Тэртэль у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1».

Паводле яго, КДБ займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі і каардынуе ўзаемадзеяньне зь іншымі структурамі Беларусі.

Іван Тэртэль адзначыў, што ў Беларусі застаюцца на лячэньне шмат параненых. «Памежныя лякарні, і ня толькі памежныя, у нас загружаныя гэтым кантынгентам у тым ліку», — дадаў ён.

У той жа час Іван Тэртэль не згадаў грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі, трапілі ва ўкраінскі палон і былі перададзеныя ў межах абменаў.

За апошні час Ўкраіна перадала ў межах абменаў з Расеяй, што адбываліся на беларускай тэрыторыі, чатырох беларусаў: Яўгена Камянькова з Бабруйску, які быў ва ўкраінскім палоне зь вясны 2024 году, Дзьмітра Ананчыка зь Менску, якога ў сьнежні 2024 году захапілі ў баях у Луганскай вобласьці, Аляксея Чарнышова і Сяргея Мірончыка, які трапіў ва ўкраінскі палон у лютым 2025 году.


У перамовах Расеі і Ўкраіны пра абмен палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валеры Сьцепановіч.

Пасьля таго, як у жніўні 2024 году ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласьці Расеі, абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.

Цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 8 грамадзян Беларусі, а ў расейскім — сама меней двое.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG