Журналіст праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Крым.Рэаліі» Ўладзіслаў Есіпенка выйшаў на свабоду пасьля больш чым чатырох гадоў знаходжаньня ў расейскай турме за журналісцкую дзейнасьць. 20 чэрвеня ён пакінуў Керчанскую калёнію, у якой адбываў пакараньне, і прыбыў у Прагу, дзе ўзьяднаўся зь сям’ёй. Хто такі Ўладзіслаў Есіпенка, чым ён займаўся ў Крыме і чаму Расея расцаніла ягоную працу як злачынства, расказвае «Крым.Рэаліі».
Ўраджэнец Крывога Рогу, Уладзіслаў Есіпенка да 2014 году жыў зь сямʼёй у Севастопалі. Калі Расея захапіла і анэксавала Крым, ён не зьмірыўся з гэтым і вымушаны быў пакінуць паўвостраў. Сямʼя пераехала ў Крывы Рог Днепрапятроўскай вобласьці, дзе Ўладзіслаў Есіпенка працягваў сачыць за сытуацыяй у Крыме.
Аднойчы ён зьвязаўся з рэдакцыяй «Крым.Рэаліі» і сказаў, што гатовы супрацоўнічаць і езьдзіць на Крымскі паўвостраў, нягледзячы на тое, што гэта было небясьпечна з-за рэпрэсіўнай практыкі расейскіх спэцслужбаў і сілавікоў.
Так пачалася чатырохгадовая гісторыя супрацоўніцтва выданьня са сваім чытачом. Ён у выніку змог стаць крыніцай грамадзка значнай інфармацыі, якая безь ягонай працы ня стала б вядомай.
«Браўся за тэмы, зь якімі ніхто ня хацеў працаваць»
Уладзіславу Есіпенку ўдалося працаваць у Крыме на працягу чатырох гадоў. Увесь гэты час ён браўся за самыя складаныя і рызыкоўныя заданьні, ад якіх адмаўляліся іншыя карэспандэнты Крым.Рэаліі зь меркаваньняў бясьпекі.
«Уладзіслаў Есіпенка браўся за ўсе тэмы, якія яму прапаноўваліся. Ён зьбіраў для «Крым.Рэаліі» інфармацыю пра ўсе аспэкты жыцьця Крымскага паўвострава пад расейскай акупацыяй. Гэта былі зямельныя праблемы, праблемы ўкраінскай царквы ў Крыме, доступу крымчанаў да мора, апытаньні людзей на актуальныя тэмы на вуліцах. Такая праца ў Крыме зьвязана зь вялікімі рызыкамі, паколькі за здымку на вуліцах могуць затрымаць і адправіць у засьценкі. Тым ня менш Уладзіслаў ня толькі сьмела браўся за гэтую працу, але і ініцыяваў свае ідэі. Ён браўся за рызыкоўныя тэмы, зь якімі ніхто з нашых крымскіх карэспандэнтаў працаваць не хацеў зь меркаваньняў бясьпекі. Мы былі зьдзіўленыя, што ён хутка на гэта пагаджаўся і добра рабіў сваю працу», — расказвае старэйшы тэлевізійны прадусар Крым.Рэаліі Анжаліка Рудэнка.
Сярод матэрыялаў ««Крым.Рэаліі»», створаных на аснове здымкаў Уладзіслава Есіпенкі, — гісторыя пра магілу Віктара Януковіча-малодшага — сына зьбеглага прэзыдэнта Ўкраіны. Удалося зафіксаваць, што гэтая магіла знаходзіцца ў Севастопалі і яе наведвае былая першая лэдзі Ўкраіны Людміла Януковіч.
Ён зьняў дзясяткі гісторый, пра якія не расказвалі крымскія СМІ, падкантрольныя расейскім уладам.
Апошняе відэа Ўладзіслава Есіпенкі, зьнятае да затрыманьня, — апытаньне крымчанаў пра тое, як зьмянілася іхняе жыцьцё пасьля анэксіі Крымскага паўвострава Расеяй.
Затрыманьне на Ангарскім перавале і Керчанская калёнія
Уладзіслаў Есіпенка перастаў выходзіць на сувязь у сакавіку 2021 году. У гэты час ён знаходзіўся ў Крыме.
Як затым высьветлілася, журналіст быў затрыманы расейскімі спэцслужбамі на Ангарскім перавале.
Затым яго арыштавалі ў Крыме па абвінавачваньні ў «зборы інфармацыі ў інтарэсах спэцслужбаў Украіны», а пазьней высунулі абвінавачваньне ў захоўваньні боепрыпасаў.
У гэтай справе мноства нюансаў, якія ўказваюць на сумнеўнасьць абвінавачваньняў. Нават расейская экспэртыза не знайшла адбіткаў пальцаў Уладзіслава Есіпенкі на інкрымінаванай яму гранаце, нібыта знойдзенай у ягонай машыне.
Уладзіслаў Есіпенка сьцьвярджае, што пасьля затрыманьня да яго ўжывалі катаваньні электратокам, выбіваючы прызнаньне. Але ён не прызнаў віны.
Многія праваабарончыя арганізацыі лічаць ягоную справу палітычна матываванай.
Тым ня менш падкантрольны Расеі Сімфэропальскі раённы суд асудзіў яго на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі і прызначыў штраф у 110 тысяч расейскіх рублёў.
Падкантрольны Маскве Вярхоўны суд Крыму зьмякчыў прысуд для Ўладзіслава Есіпенкі да пяці гадоў пазбаўленьня волі са штрафам.
Пасьля гэтага ён быў адпраўлены ў Керчанскую калёнію, дзе адбываў пакараньне.
Неўзабаве Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. Гэта значна ўскладніла камунікацыю Ўладзіслава Есіпенкі зь сямʼёй. Стала нашмат складаней сачыць за тым, што зь ім адбываецца.
Уладзіслаў Есіпенка стаў адным з амаль двух дзясяткаў грамадзянскіх журналістаў у Крыме, якіх Расея ўтрымлівае ў расейскіх турмах. Увесь гэты час сямʼя журналіста, рэдакцыя ««Крым.Рэаліі»», карпарацыя RFE/RL, украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі змагаліся за ягонае вызваленьне.
Улады Ўкраіны назвалі гэты прысуд «палітычна матываваным».
У Дзярждэпартамэнце ЗША заявілі, што гэта «яшчэ адзін прыклад злоўжываньняў расейскіх акупацыйных уладаў у Крыме».
А Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў (EFJ) назвала вэрдыкт крымскага суду «пародай на правасудзьдзе».
За ўсе гады знаходжаньня Ўладзіслава Есіпенкі ў расейскіх засьценках ягонае імя гучала на ўсіх аўтарытэтных міжнародных пляцоўках.
Ён удастоены мноства журналісцкіх узнагарод і прэмій, якія сымбалізуюць барацьбу за свабоду слова і грамадзянскую пазыцыю.
«Мой муж вінаваты толькі ў тым, што інфармаваў сьвет пра тое, што адбываецца ў акупаваным Крыме. Ён ведаў, што гэта небясьпечна, але ягоная адданасьць сваёй краіне і праўдзе была мацнейшая за ягоны страх», — заяўляе жонка журналіста Кацярына Есіпенка.
«Расея ізалявала Крым, каб схаваць свае злачынствы»
Кіраўніцтва RFE/RL і аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі ўсе гады зьняволеньня Ўладзіслава Есіпенкі не пераставалі патрабаваць ад Расеі ягонага вызваленьня як палітвязьня. Але гэтага не здарылася.
У канцы 2024 году жонка журналіста і кіраўнік камітэту Вярхоўнай Рады па пытаньнях свабоды слова Яраслаў Юрчышын заяўлялі, што яму рыхтуюць новы тэрмін зьняволеньня, каб працягваць утрымліваць у турме.
Тым ня менш у канцы чэрвеня Ўладзіславу Есіпенку ўдалося выйсьці на свабоду, фармальна адбыўшы ўвесь тэрмін пакараньня, прызначанага судом.
У пятніцу ён пакінуў Керчанскую калёнію, у якой адбываў тэрмін зьняволеньня і праз трэція краіны прыбыў у Прагу. Тут яго сустрэлі жонка Кацярына і дачка Стафанія. Там у бліжэйшы час ён плянуе прайсьці мэдычнае абсьледаваньне і курс рэабілітацыі.
Цэнтар правоў чалавека ZMINA вёў адвакацыйную працу зь міжнароднай супольнасьцю для вызваленьня Ўладзіслава Есіпенкі.
Уладзіслаў Есіпенка — адзін з такіх нямногіх журналістаў, якія рызыкавалі езьдзіць у Крым і зьбіраць інфармацыю
«З 2014 году Расея пабудавала сьцяну інфармацыйнай ізаляцыі вакол Крымскага паўвострава, каб схаваць свае злачынствы, каб адтуль прабівалася як мага менш незалежных галасоў і гучала толькі прапаганда. На фоне таго, што краіна-агрэсар зьнішчыла ўсе прафэсійныя мэдыя на паўвостраве, пасьлядоўна блякавала ўсе магчымасьці для журналісцкай дзейнасьці, адной зь нямногіх нітак, з дапамогай якіх можна было даведвацца, што адбываецца ў Крыме, якія там настроі ў людзей, былі паездкі туды журналістаў з мацерыковай Украіны. Уладзіслаў Есіпенка — адзін з такіх нямногіх журналістаў, якія рызыкавалі туды езьдзіць і зьбіраць інфармацыю. Менавіта таму калі акупанты яго арыштавалі, для нас было важна прыцягнуць увагу да гэтага справы і змагацца за вызваленьне журналіста», — заявіла «Крым.Рэаліі» кіраўнік праўленьня Цэнтру правоў чалавека ZMINA Тацяна Пячончык.
.
Яна шкадуе, што намаганьні ўкраінскіх і міжнародных інстытуцыяў і праваабаронцаў не прывялі да вызваленьня Ўладзіслава Есіпенкі раней, чым завяршыўся тэрмін ягонага зьняволеньня.
Тацяна Пячончык заклікае «максымальна акружыць падтрымкай» Уладзіслава Есіпенку, якога наперадзе чакаюць рэабілітацыя і вяртаньне да сямʼі, у якой ягоная дачка Стэфанія некалькі гадоў расла без бацькі.