Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускага заводу, які вырабляе дэталі снарадаў для расейскіх «Градаў»


Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зацьвердзіў сваім указам рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць фізычных і юрыдычных асобаў Расеі, Беларусі і Кітаю за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Як адзначаецца ў апублікаваным тэксьце ўказу, Украіна ўвяла санкцыі супраць рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Завод дакладнай электрамэханікі», які знаходзіцца ў Станькаве Дзяржынскага раёну Менскай вобласьці.

Гэты завод, паводле расьсьледаваньня арганізацыі былых сілавікоў BelPolР, адзін з 16 беларускіх прадпрыемстваў, якія ў у той ці іншай ступені задзейнічаныя ў вытворчасьці дэталяў снарадаў для расейскіх сыстэм залпавага агню БМ-21 «Град».

Згодна з рашэньнем, санкцыі ўводзяцца на 10 гадоў. Сярод абмежаваньняў — блякаваньне актываў, забарона на ўдзел у дзяржаўных тэндэрах, прыватызацыі і гандлёвыя апэрацыі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што гэтым санкцыямі ва Ўкраіне пачалася «вялікая праца» па ўвядзеньні абмежаваньняў супраць фізычных і юрыдычных асобаў, якія вядуць дзейнасьць на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, апраўдваюць агрэсію і дапамагаюць Расеі ў яе ажыцьцяўленьні.

«Выяўляем усе схемы, які выкарыстоўваюць на карысьць акупанта, і, як вынік, — супраць Украіны, і блякуем іх. Працуем і для таго, каб цалкам сынхранізаваць украінскія санкцыі з рашэньнямі партнэраў», — заявіўУладзімір Зяленскі.

Завод дакладнай электрамэханікі займаецца распрацоўкай і вытворчасьцю прадукцыі вайсковага прызначэньня і надае тэлекамунікацыйныя паслугі. Завод — галаўное прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасьці ракетнага ўзбраеньня, у тым ліку рэактыўнай сыстэмы залпавага агню В-200 «Палянэз» і ракетнага комплексу В-300РК «Палянэз-М», якія Расея прымяняе падчас вайны ва Ўкраіне.

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць гэтага прадпрыемства ў лютым 2024 году ў 13-м пакеце. Да гэтых санкцый далучыліся шэраг краін-партнэраў Эўразьвязу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG