«Афіцэр пастаянна страляў з траўмату па тэрміновіках». Расейскія салдаты расказваюць, чаму ўцяклі з вайны, у тым ліку празь Беларусь

За больш чым тры гады вайны з Украінай з расейскай арміі дэзэртавалі больш за 50 тысячаў чалавек, паведамляе выданьне «Важные Истории» са спасылкамі на ўцечкі. Сярод іх аказваюцца і салдаты тэрміновай службы — тэрміновікі, якіх нібыта забаронена выкарыстоўваць у баявых дзеяньнях. Каб абысьці гэтае правіла, іх усё часьцей прымушаюць падпісваць кантракты, пасьля чаго адпраўляюць на фронт. Асабліва гэтыя выпадкі пачасьціліся падчас прызыву вясной 2025 году, самага масавага ў расейскай гісторыі.

З 2023 году падпісваць кантракт з салдатам можна адразу пасьля прызыву на тэрміновую вайсковую службу.

Карэспандэнт праекту «Север.Реалии» пагутарыў з двума былымі расейскімі прызыўнікамі, якія дэзэртавалі з вайны з Украінай і выехалі з Расеі. Іх асобы і гісторыі былі вэрыфікаваныя крызіснай праваабарончай групай InTransit.

Гісторыя Віталя: «Бацькі мяне выдалі, сказалі паліцыі мой тэлефон і адрас»

Віталь Васільеў родам зь невялікага сяла ў Чувашыі. У 2021 годзе ён скончыў вучобу ў тэхнікуме на повара-кандытара і трапіў пад прызыў.

«Я казаў бацькам, што не хачу ў войска, але яны паклікалі ўчастковага паліцэйскага, каб той са мной пагутарыў. Пераконваў мяне. У нас была такая традыцыя — усёй сям’ёй у войска адпраўляць», — успамінае Віталь.


Віталь у войску

Увосень 2021 году Віталь разам зь іншымі тэрміновікамі трапіў на зборны пункт, дзе іх адразу пачалі ўгаворваць падпісаць кантракт. Ён успамінае, што нічога не падпісваў, але праз два тыдні іх адправілі на курс маладога байца, а потым у вайсковую частку. Там у студзені 2021 году высьветлілася, што зь іх хочуць зрабіць кантрактнікаў.

«Я казаў камандзіру, што не хачу: плакаў, пісаў рапарты, што не хачу на кантракт, нічога не падпісваў», — падкрэсьлівае Васільеў.

Пасьля гэтага, паводле ягоных словаў, у яго і ягоных таварышаў па службе забралі вайсковыя білеты і павезьлі ў Курскую вобласьць, сказаўшы, што «на вучэньні». Гэта было зімой на пачатку 2022 году. Па прыезьдзе вайсковыя білеты тэрміновікам вярнулі — і ў іх ужо стаялі адзнакі аб заключаных кантрактах.

Віталь успамінае, што ў Курску было шмат людзей, якія казалі, што пачнецца вайна. 24 лютага 2022 году іх пашыхтавалі а трэцяй раніцы, сказалі кароткую прамову пра «абарону радзімы», выдалі прамэдол (абязобльвальнік), гранаты, пісталеты, абмундзіраваньне, пасадзілі ў танкі і грузавікі — і павезьлі на вайну.

«Некаторыя былі шчасьлівыя, быццам ім хацелася ваяваць, яны сьмяяліся і ўсьміхаліся. У мяне складалася ўражаньне, што яны не разумелі, што адбываецца, — успамінае Віталь. — У маёй роце былі такія ж хлопцы з тэрміновай службы па 18-20 гадоў. Пазьней я даведаўся, што адзін зь іх, які тады, у першыя дні, паехаў, потым ня вытрымаў і застрэліўся ў акопе».

Віталь адмовіўся ехаць ва Ўкраіну і пайшоў спаць. Тых, хто адмовіўся, адправілі ў Курск грузіць снарады, затым у Белгарад, а адтуль ваенная паліцыя ўсё роўна адвезла іх на вайну. Віталь успамінае, што тых, хто і надалей адмаўляўся, затрымлівалі і некуды адводзілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арктычная брыгада», якую амаль зьнішчылі пад Харкавам. Што за вайскоўцы з Расеі прыяжджалі на парад у Менску

У сакавіку іх павезьлі праз Харкаўскую вобласьць у Краматорск. Віталь успамінае, што штаб быў у школе, а іх прыкамандзіравалі да вайскоўца, які ўжо засяліўся ў прыватны дом.

«Атмасфэра панавала жудасная: усе ўсё рабавалі. Нашы камандзіры пастаянна кудысьці езьдзілі на БТР і вярталіся з алькаголем. Зачыняліся на другім паверсе і пілі, пакуль мы ўнізе стаялі ў дазоры», — расказвае Віталь.

Ён вырашыў стрэліць у сябе, каб яго «сьпісалі» з войска.

«Гэта не мая вайна, я ніколі не хацеў забіваць украінцаў, не хацеў ваяваць ні ў якім выглядзе», — расказвае Васільеў.

Ён прыдумаў плян за адзін дзень, стрэліў сабе ў ступак. Пасьля гэтага яго адвезьлі ў палявы шпіталь каля Ізюму, дасталі кулю, забралі тэлефон і даставілі ў Белгарад, а затым у Падмаскоўе.

Яго выклікалі на допыт да супрацоўніка ФСБ, той пытаўся пра тое, дзе быў, каго бачыў, ці забіваў людзей, ці размаўляў зь мясцовымі. Віталя адпусьцілі.

Косьці фалангі ў яго зрасьліся так, што пасярэдзіне іх — нэрва, і кожны раз, калі ён ступае, яго нібыта б’е токам.

Два гады Віталь жыў дома, баючыся паліцыі. У лістападзе 2024 году яго пачалі шукаць.

«На пачатку месяца ваенная паліцыя патэлефанавала маім бацькам, пыталіся, дзе я, чаму ня ў частцы. Бацькі мяне выдалі, сказалі мой тэлефон і адрас», — расказвае ён.

У той жа вечар ён выехаў на таксі ў Беларусь, а на наступны дзень вылецеў у Ерэван, папярэдне зьвязаўшыся з праектам «Ідзіце Лесам». У аэрапорце ў Менску дзяўчына спытала, ці ён не кантрактнік, кудысьці званіла. Гэты момант быў страшным, кажа Віталь. Але ўсё ж яго прапусьцілі.

Віталь кажа, што дагэтуль знаходзіцца ў Армэніі. На фронце цяпер ягоны малодшы брат, якога прызвалі на тэрміновую службу ў 2024 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хапаюць і грузяць». У Расеі адбываюцца масавыя аблавы на прызыўнікоў

Гісторыя Мікіты: «Тэрміновіка маглі ў сушылцы заперці, каб падпісаў кантракт. І там два амбалы яго зьбівалі»

Мікіту Зьвёздаву 19 гадоў. Ён трапіў на тэрміновую службу летам 2024 году. На той момант у прыграніччы Курскай і Белгарадскай абласьцей ішлі жорсткія баі.

Мікіта расказвае, што тэрміновікаў падманам ці сілай прымушалі падпісваць кантракты зь Мінабароны РФ. Камандаваньне заваблівала абяцаньнямі выплат, але выкарыстоўваліся і жорсткія мэтады.

«Тэрміновіка маглі ў сушылцы для абутку, дзе тэмпэратура — ад 40 да 100 градусаў, заперці, каб падпісаў кантракт. І там два амбалы яго зьбівалі — як самі палічаць патрэбным, так і лупцавалі, — расказвае Мікіта. — Пад падобнае катаваньне я трапляў пазьней, на палігоне ў Сяргееўцы. Мяне прымушалі ў адгазьніку і ў хазмаце (касьцюм на выпадак радыяцыйнага і хімічнага заражэньня — рэд.) прысядаць і адціскацца па 200 разоў, бегчы 50 кругоў вакол стадыёну ў поўным рыштунку. Я часам думаў, што ў мяне сэрца проста ня вытрымае».

Ён таксама расказвае пра «вечных дзяжурных» і «пакупнікоў» з баявых частак, якія прыяжджалі ўгаворваць прызыўнікоў на кантракт. У верасьні Мікіта ўсё ж зламаўся і падпісаў кантракт, а ў кастрычніку ўжо быў на навучальным палігоне ў Бікіне.

Камандаваньне часткі пастаянна парушала статут і «чалавечыя нормы».

«На палігоне адзін афіцэр пастаянна страляў з траўмату па тэрміновіках, пастаянна мучыў іх маральна і фізычна», — расказвае ён.

Людзі перажывалі клінічную сьмерць, здараліся інфаркты, але іх усё роўна не адпускалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэзка вырасла колькасьць вайскоўцаў, якіх падчас вайны ва Ўкраіне судзяць у Расеі

Мікіта адзначае, што ў войска бралі людзей з астмай, язвай страўніка, нават з вывіхам хрыбеткі, а таксама з псыхічнымі разладамі, якія «ўскрываліся». Ён ведае пра выпадак суіцыду і пра тое, як некалькі чалавек выпадкова падарваліся на міне.

Бачачы ўсё гэта, Мікіта зразумеў, што трэба бегчы.

«Я ўжо думаў сябе і калечыць, і на міне падарвацца. Думкі былі такія, што нагу ня страшна страціць, абы толькі ня быць там. Проста я раптам зразумеў, што ў любым выпадку не змагу дадому вярнуцца — калі хачу жывым застацца», — падкрэсьлівае ён.

Калі Мікіту далі звальненьне на некалькі дзён, ён паехаў дадому, сабраў рэчы і разьвітаўся з блізкімі. На першую «армейскую» зарплату купіў квіткі ў Армэнію.

І Мікіта, і Віталь кажуць, што дагэтуль баяцца, што іх могуць злавіць і вярнуць у Расею. Іх асьцярогі небеспадстаўныя: дэзэртырам за мяжой сапраўды пагражае экстрадыцыя або выкраданьне расейскімі вайскоўцамі. Менавіта таму ўсе дэзэртыры не ўспрымаюць краіны былога СССР як прытулак і разьлічваюць рана ці позна дабрацца да краін Эўрапейскага зьвязу, перш за ўсё да Францыі ці Нямеччыны, каб апынуцца ў бясьпецы.

Мікіта кажа, што ягонае жыцьцё ў Армэніі аказалася няпростым:

«У мяне былі раней іншыя ўяўленьні пра Армэнію — што гэтак жа, як у Расеі, уладкуюся на працу максымум за тыдзень. На справе аказалася, што нічога падобнага — праз паўгода я мала чым адрозьніваюся ад гастарбайтэра на будоўлі ў Расеі».

Ён прызнае, што сытуацыя цяжкая, і яму пакуль усё яшчэ не ўдаецца зрабіць замежны пашпарт.

«Ня ведаю, як жыць далей. Я вельмі шкадую, што маё жыцьцё павярнулася так, і што я лепшыя гады жыцьця марную на бессэнсоўнае існаваньне, — прызнаецца ён. — Але я рады, што ня трапіў на фронт — я і так нэрвовы, калі б у мяне зьверху было яшчэ і ПТСР (посттраўматычнае стрэсавае расстройства), увогуле ня ведаю, як бы я жыў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чакаецца вялікі летні наступ Расеі — ці зноў з тэрыторыі Беларусі?