Хроніка перасьледу
Змаганьне з праектам Petitions.bу пачалося ў 2021 годзе. Сайт заблякавалі ў Беларусі, а некамэрцыйную арганізацыю «Грамадзкі Хаб», якая была ініцыятаркай стварэньня праекту, Міністэрства юстыцыі зьліквідавала. Каманда мусіла зьехаць зь Беларусі і працаваць з-за мяжы.
30 сьнежня 2024 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў
усе матэрыялы сайту «Petitions.by зручны горад» экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй. Старонка Petitions.bу трапіла ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі.
У студзені 2025 году Апэратыўна-аналітычны цэнтар ануляваў дамэн petitions.by. Стваральнікі замянілі яго на petitions.pro.
Тады ж разам з парталам экстрэмісцкімі былі прызнаныя і каля 5 тысяч афіцыйных адказаў на пэтыцыі ад чыноўнікаў і дзяржаўных арганізацыяў, тлумачыць у размове з Свабодай стваральнік праекту Ўладзімер Кавалкін.
«Пры гэтым 80–90% адказаў — пазытыўныя рашэньні паводле просьбаў людзей. Так, наш партал у супрацы з валянтэрамі і актывістамі крытыкаваў мясцовую уладу, але пры гэтым хутчэй „не дыскрэдытаваў“ яе, а наадварот, паказваў, што зь ёю можна супрацоўнічаць і вырашаць, да прыкладу, камунальныя праблемы».
Днямі ўжо МУС прызнала праект Petitions.bу «экстрэмісцкім фармаваньнем».
10 гадоў працы, 6 тысяч пэтыцыяў
Плятформу Petitions.by стварыла ў 2015 годзе арганізацыя «Грамадзкі Хаб» у партнэрстве зь іншымі ініцыятывамі, каб прасоўваць ідэю электроннай дэмакратыі.
Уладзімер Кавалкін расказаў, што ў 2013 годзе быў на стажы ў Славаччыне і Чэхіі, паглядзеў, як там разьвіваецца грамадзянская супольнасьць, зацікавіўся плятформамі, якія дапамагаюць вырашыць мясцовыя праблемы. У Беларусі тады ўжо зьявіўся іністытут электронных зваротаў, кажа ён.
Уладзімер Кавалкін
«У мяне ўзьнікла ідэя аб’яднаць пэтыцыі і электронныя звароты ў адзін сэрвіс. Каб адзін і той жа тэкст быў і пэтыцыяй, якая працуе на грамадзтва і паказвае грамадзтву, што адбываецца, якія інтарэсы і запыты ёсьць, і таксама каб гэта быў афіцыйны зварот, які можна было б накіраваць у дзяржаўныя органы, і яны будуць абавязаныя разгледзець гэты зварот і неяк адрэагаваць», — узгадвае Кавалкін.
Збор подпісаў праходзіў у лічбавым выглядзе. Наладзілі аўтаматычную перадачу пэтыцыі ў адпаведную ўстанову пасьля збору неабходнай колькасьці подпісаў. А падпісанты маглі сачыць за адказамі ад улады — яны публікаваліся на плятформе.
Штогод на сайце зьяўлялася некалькіх соцень пэтыцыяў — за 10 гадоў іх агульная колькасьць перасягнула 6 тысяч. У асноўным гэта былі пэтыцыі наконт мясцовых праблемаў: камунальных, экалягічных, урбаністычных, а таксама праблемаў, што тычыліся пытаньняў адукацыі, аховы здароўя, захаваньня архітэктурнай спадчыны.
«Я б сказаў, што пераважная бальшыня пэтыцыяў канструктыўнага характару, пабытовага. Гэта не палітычныя лёзунгі, а тое, што тычыцца паўсядзённага жыцьця чалавека», — падкрэсьлівае Ўладзімер Кавалкін.
Асмалоўка, высечка дрэваў, прызыў у войска
У 2017 годзе разгарнулася цэлая «бітва пэтыцыяў» за і супраць зносу ўнікальнага сталічнага раёну Асмалоўкі. Менскія чыноўнікі вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне праект інстытуту «Мінскграда», які прадугледжваў знос старых дамоў раёну і пабудову новых. У той жа дзень на сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя супраць зносу дамоў у Асмалоўцы.
Аэрапорт Менск супраць Petitions.by, суд. Уладзімер Кавалкін, Сяргей Зікрацкі, адвакат.
У 2018–2020 гадах грамадзкасьць актыўна змагалася з высечкай дрэваў у Менску, абараняла зялёныя зоны ў раёнах Чырвонага касцёла, Уручча, Каменнай Горкі. У некаторых выпадках працы прыпыніліся або зроблена пераплянаваньне. Менгарвыканкам адказваў на пэтыцыі і прызнаваў «недахопы ў камунікацыі».
У 2016 годзе пад пэтыцыяй за вяртаньне 5-дзённага навучаньня ў школах сабралі больш за 14 000 подпісаў. Міністэрства адукацыі разглядала зварот, некаторыя школы перайшлі на 5-дзёнку.
У ліпені 2019 году Міністэрства абароны Беларусі падрыхтавала зьмены ў правілы прызыву. Прапаноўвалася толькі адна адтэрміноўка — для паступленьня ў навучальную ўстанову пасьля школы. За адзін дзень сабралі тысячу подпісаў, на наступны — больш за дзесяць тысяч.
Вострыя тэмы
Былі і вострыя палітычныя тэмы, пэтыцыі за адстойваньне правоў чалавека, за скасаваньне сьмяротнага пакараньня.
У жніўні 2020 году зьявілася пэтыцыя за спыненьне гвалту сілавікоў і расьсьледаваньне катаваньняў. Людзі патрабавалі знайсьці і пакараць вінаватых. Падпісалі тую пэтыцыю больш за 20 000 чалавек. Улады не адрэагавалі на сутнасьць звароту, але гэта была адна зь першых масавых пэтыцыяў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
У 2021 годзе зьявілася пэтыцыя супраць выкарыстаньня «пакаяльных відэа». Яе аўтары патрабавалі спыніць прымушэньне людзей публічна «каяцца» на відэакамэру, а таксама расьсьледаваць факты гвалту і ціску. За першыя пару дзён пэтыцыю падпісалі каля 5000 чалавек.
Афіцыйнай рэакцыі на гэтую пэтыцыю не было, але яна выклікала публічную дыскусію, яе падтрымалі юрысты і праваабаронцы.
Уладзімер Кавалкін, стваральнік «Petitions.by зручны горад», адзначае, што насамрэч было шмат пасьпяховых пэтыцыяў.
«Напрыклад, летась была пэтыцыя ў Міністэрства здароўя за абавязковую вакцынацыю дзяўчатак ад ВПЧ (вірусу папілёмы чалавека). Яе падпісалі больш за 6 тысяч чалавек. І прышчэпку супраць ВПЧ дадалі ў нацыянальны каляндар прышчэпак.
Сярод найбольш яскравых была пэтыцыя ў патрымку бел-чырвона-белага сьцягу, апублікаваная ў 2021 годзе, калі пракуратура хацела прызнаць яго экстрэмісцкім. Гэтую пэтыцыю падпісалі 110 тысяч чалавек», — апавядае Ўладзімер Кавалкін.
Боязь голасу народу
Здавалася б, такімі праектамі грамадзкасьць дапамае ўладам пабачыць і разьвязаць важныя жыцьцёвыя, побытавыя праблемы. На думку Ўладзімера Кавалкіна, праект «Petitions.by зручны горад» пастаянна дэманструе, што грамадзтва (шараговыя грамадзяне і мясцовыя чыноўнікі) эфэктыўна вырашаюць свае праблемы без «пракладак» у выглядзе кіраўніка дзяржавы і яго моцнай вэртыкалі, цалкам адарванай ад рэальнасьці.
Уладзімер Кавалкін
«Менавіта таму праект і прызналі экстрэмісцкім, каб не было станоўчых прыкладаў і каб яшчэ больш запалохаць людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Лукашэнка стварыў таталітарную дзяржаву. Усякае слова, ня ўзгодненае з выканкамам, зь якімі-небудзь „азаронкамі“, — гэта ўжо экстрэмізм. Нават калі размова ідзе не пра палітыку, а пра побытавыя праблемы. Усякая крытыка лічыцца „экстрэмізмам“. Ты пішаш, што трэба адрамантаваць мост, дадаць важную прышчэпку — дзяржава сама лепш ведае, што патрэбна, а што не», — разважае спадар Кавалкін.
Ц існуе рэальная рызыка, што падпісантам пэтыцыяў на Petitions.by можа пагражаць справа паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»)? Стваральнік праекту Ўладзімер Кавалкін гэтага не выключае.
«У Беларусі ўсё можа быць, сілавікі могуць прыйсьці да кожнага чалавека, падпісаць яго на нейкія каналы і потым сказаць, што ты экстрэміст. Што захочуць, тое і зробяць — гэта як падкінуць наркотыкі. Усё можа быць. Паставіць задачу Лукашэнка ці Карпянкоў — так і будзе. Няма ж праўнай дзяржавы!» — эмацыйна адказвае спадар Кавалкін.
Але каманду гэта не запалохала, яна мае шмат ідэяў: працаваць далей, але ў іншай канфігурацыі — каб не нашкодзіць людзям.
Сайт Petitions застанецца ў архіўнай форме, ён будзе ў інтэрнэце. Там можна будзе публікаваць ананімныя пэтыцыі. Пры жаданьні ўсе людзі могуць спампаваць тэксты і падаць зварот асабіста — каб не было відавочнага зьвязку з «экстрэмісцкім фармаваньнем». Індывідуальным чынам гэта можна рабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Petitions.by прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ці пагражае крымінальная адказнасьць карыстальнікам?