Трамп дапусьціў магчымую «зьмену рэжыму» ў Іране пасьля авіяўдараў ЗША

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сытуацыйным пакоі Белага дому падчас удару ЗША па Іране

Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля таго, як прадстаўнікі ягонай адміністрацыі заявілі, што атакі на Іран ня мелі мэтай зьмену ўлады.

«Непаліткарэктна ўжываць тэрмін „зьмена рэжыму“, але калі цяперашні іранскі рэжым ня здольны ЗРАБІЦЬ ІРАН ЗНОЎ ВЯЛІКІМ, чаму б не адбыцца зьмене рэжыму???» — напісаў на сваёй плятформе Truth Social Трамп.

Выказваньне Трампа зьявілася пасьля таго, як прадстаўнікі ягонай адміністрацыі — віцэ-прэзыдэнт Дж.Д. Вэнс, дзяржаўны сакратар Марка Рубіё і міністар абароны Піт Гэґсэт — заявілі, што мэтай авіяўдараў ЗША 21 чэрвеня па іранскіх ядзерных аб’ектах было дасягненьне ўгоды, а не зрынаньне ўраду. Гэґсэт назваў удары апэрацыяй, накіраванай выключна на ядзерную праграму Ірану, а не на іранскія войскі ці народ.

ЗША 22 чэрвеня засьцераглі Тэгеран ад адказаў на авіяўдары. Таксама Злучаныя Штаты выпусьцілі «глябальнае папярэджаньне» для сваіх грамадзянаў за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ў нядзелю бамбілі Іран. Што варта ведаць пра (патэнцыйна) пераломную падзею

Іран і Ізраіль абмяняліся новымі ўдарамі раніцай 23 чэрвеня. Іран адхіліў заклікі да перамоваў і заявіў, што ЗША адкажуць за свае дзеяньні. Міністар замежных справаў Ірану Абас Аракчы прыбыў у Маскву для кансультацыяў.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што Ізраіль «вельмі блізкі» да дасягненьня сваіх мэтаў пасьля больш чым тыдня авіяўдараў па Іране. Паводле праваабарончай групы Human Rights Activists, з 13 чэрвеня ў Іране загінулі як мінімум 950 чалавек, у тым ліку 380 мірных жыхароў. Ізраільскія ўлады паведамілі пра 24 загінулых ад іранскіх удараў.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш папярэдзіў пра «ўзрастаньне рызыкі хуткага выхаду гэтага канфлікту з-пад кантролю». Расея, Кітай і Пакістан прапанавалі прыняць рэзалюцыю аб безумоўным спыненьні агню на Блізкім Усходзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: у апэрацыі «Паўночны молат» супраць Ірану ўпершыню выкарысталі супрацьбункерныя бомбы

ВПС ЗША нанесьлі масаваны ўдар па ядзерных аб’ектах Ірану ў Натанзе, Фардо і Ісфагане ў ноч на 22 чэрвеня. У атаках на аб’ект у Фардо ўдзельнічалі шэсьць бамбавікоў, якія скінулі 12 бомбаў. Па цэлях у Натанзе і Ісфагане нанесьлі ўдары крылатыя ракеты з амэрыканскіх падводных лодак.

Іранскія афіцыйныя асобы пацьвердзілі факт удараў па трох ядзерных аб’ектах. Незалежнага пацьверджаньня маштабаў разбурэньняў, прычыненых ударамі, пакуль не было.

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі пацьвердзіў, што на іранскія атамныя аб’екты былі нанесеныя ўдары ЗША, і дадаў, што падземны аб’ект Фардо быў «непасрэдна закрануты» ўдарамі, аднак «ступень шкоды ўнутры цэхаў узбагачэньня ўрану немагчыма вызначыць з упэўненасьцю».

Паводле афіцыйных паведамленьняў іранскіх уладаў, павышэньня ўзроўню радыяцыі за межамі пляцовак пасьля апошніх нападаў на тры іранскія ядзерныя аб’екты не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзякуй вам, прэзыдэнт Трамп!» Прэзыдэнт ЗША апублікаваў навіну пра вызваленьне Ціханоўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Трампу Лукашэнка? Тлумачыць Юры Дракахруст