«Дзякуючы моцнаму лідарству прэзыдэнта Трампа сёньня былі вызвалены 14 зьняволеных зь Беларусі. Дзякуй ураду Літвы за супрацоўніцтва і дапамогу — яны застаюцца сапраўдным сябрам і саюзнікам», — напісаў у сетцы X Джон Коўл, намесьніка спэцпасланьніка Кіта Келага. Заява зьявілася праз некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы Келага з Лукашэнкам.
Сяргей Ціханоўскі і Сьвятлана Ціханоўская
Акрамя Ціханоўскага сярод вызваленых экс-супрацоўнік «Радыё Свабода» Ігар Карней, выкладчыца Натальля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіна Красьнянская, фігурант справы "Саюза беларускага нацыянальнага шчыта" Кірыл Балахонаў, бізнэсовец Сяргей Шэлег. Як высьветліў партал Reform, сярод вызваленых – грамадзянін Эстоніі Алан Раё, якога 1 красавіка 2025 году прыгаварылі да 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня». Усе яны вывезеныя зь Беларусі.
На відэа, запісаным у Вільні, Коўл расказаў некаторыя падрабязнасьці вызваленьня:
«Мы толькі што вярнуліся зь Беларусі з 14 людзьмі, якія цяпер вызваленыя. Прэзыдэнт Трамп заахвочваў гэтую паездку. Намесьнік дзяржсакратара Ландаў заахвочваў гэтую паездку, як і многія іншыя ў адміністрацыі. Злучаныя Штаты цяпер моцныя, таму мы можам дамагацца, каб такія рэчы рабіліся. Я пачаў адносіны з Лукашэнкам, і прыкладна шэсьць тыдняў таму мы вярнулі адтуль апошняга амэрыканца, якога там утрымлівалі. Гэтым разам мы вярнуліся туды, і 14 чалавек з розных краінаў цяпер на волі.
І мне запомніўся момант, калі іх прывезьлі ў фургоне па невялікай дарозе, я адкрыў дзьверы і пабачыў, што ва ўсіх іх былі апушчаныя галовы вось так (паказвае. — РС). Яны ня ведалі, што адбываецца. І я сказаў: „Вы вызваленыя“. Некаторыя зь іх размаўлялі па-ангельску, зразумелі мае словы, сказалі іншым і ўсё зьмянілася. Бо яны зусім ня ведалі, куды іх вязуць. Іх маглі везьці ў нейкае жахлівае месца. Іх прывезьлі да мяне як сапраўдных вязьняў, з рукамі за сьпінамі і ўсім такім. Калі яны пачулі, што яны вольныя, яны зьнерухомелі. Яны хочуць падзякаваць і я хачу падзякаваць прэзыдэнту Трампу за ягонае лідэрства і падтрымку таго, што мы робім па ўсім сьвеце, каб вызваліць людзей і палепшыць іх жыцьцё. І гэта тое, што мы зрабілі сёньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША з Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Сярод іх — Сяргей Ціханоўскі- Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар папулярнага youtube-канала «Страна для жизни». Яго затрымалі ў траўні 2020 году ў Горадні падчас чарговага пікету па зборы подпісаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай як кандыдаткі на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году. Сьвятлана зарэгістравала сваю кандыдатуру пасьля таго, як Сяргея Ціханоўскага да іх не дапусьцілі.
- 14 сьнежня 2021 году ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3 Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў калёніі, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293 КК), грубым парушэньні грамадзкага парадку (артыкул 342 КК), перашкодзе ажыцьцяўленьню выбарчых правоў (артыкул 191 КК) і распальваньні варожасьці (артыкул 13 КК).
- У лютым 2023 году Ціханоўскаму дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня ў справе аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411 КК).
- Сьвятлана Ціханоўская пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пад ціскам беларускіх уладаў вымушана выехала ў Літву, дзе стала лідэркай беларускай апазыцыі ў выгнаньні.