Выйшаў на свабоду палітвязень, былы журналіст Радыё Свабода Ігар Карней

Ігар Карней пасьля вызваленьня і прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стыў Капус (зьлева).

21 чэрвеня 2025 году пасьля амаль двух гадоў зьняволеньня быў вызвалены журналіст і палітзьняволены Ігар Карней.

Раней сёньня спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. Пазьней ягоны намесьнік Джон Коўл паведаміў пра вызваленьне 14 зьняволеных зь беларускіх турмаў.

Ігар Карней на волі пасьля выезду зь Беларусі

57-гадовы Ігар Карней — былы журналіст Радыё Свабода, больш за 20 гадоў асьвятляў на нашых радыёхвалях і вэб-сайце жыцьцё і падзеі ў Беларусі.

Ігар таксама вядомы як трэвэл-блогер і аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі.

Карнея затрымалі ў Менску 17 ліпеня 2023 году. 22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў. Рэпартэра пакаралі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бяз зьмены.

«Мы глыбока ўдзячныя Прэзыдэнту Трампу за забеспячэньне вызваленьня гэтага адважнага журналіста, які пацярпеў ад дзеяньняў беларускіх уладаў. Мы дзякуем дзяржаўнаму сакратару Рубіё і яго камандзе, ураду Літвы і міжнароднай супольнасьці за падтрымку нашых зьняволеных журналістаў», — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стыў Капус.


Былы дзяржаўны сакратар МЗС Польшчы Павэл Коваль (справа) і журналіст Радыё Свабода Ігар Карней. Менск, 18 траўня 2018 году

Праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітзьняволеным.
У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.

13 сьнежня Ігара Карнея пакаралі яшчэ 10 месяцамі зьняволеньня. Новы суд адбыўся ў Шклове. Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

Ігар Карней на волі пасьля выезду зь Беларусі

Вядома, што ў зьняволеньні Ігар схуднеў на 15 кіляграмаў. Ён мае праблемы з сэрцам.

16 студзеня 2025 году на дзяржаўным беларускім тэлеканале АНТ паказалі прапагандысцкі фільма пад назвай «Свабода слова» пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь». Тады ў 20-хвілінным роліку паказалі і Ігара Карнея. У сюжэце паказалі, як Ігара Карнея прывялі на «гутарку» у кайданках, якія пасьля зьнялі зь ягоных рук, паставіўшы тварам да сьцяны. На відэа Ігар выглядае схуднелым і зьнясіленым, моцна згорбленым.

Ігару Карнею 57 гадоў, у яго чацьвёра дачок. Сям'я была вымушаная зьехаць зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітвязьня Ігара Карнея накіравалі «па этапе» з Магілёва ў МазырНавіны палітвязьняў: Ігар Карней схуднеў на 15 кіляграмаў, мае праблемы з сэрцамПрапаганда паказала былога журналіста Свабоды палітвязьня Ігара Карнея, якога двойчы асудзіліЖурналісту Ігару Карнею падоўжылі знаходжаньне ў ПКТНавіны палітвязьняў: журналіст Ігар Карней у калёніі працуе на піларамеНавіны палітвязьняў: журналіст Карней абскардзіў прысуд, яго перавялі ў Магілёўскае СІЗАГэмінгуэй, Стывэн Гокінг і Ўладзімер Караткевіч. Што журналіст Карней чытае на «Валадарцы»