Вашынгтон прыме рашэньне наконт Ірану цягам двух тыдняў

Вашынгтон прыме рашэньне наконт умяшаньня ў сытуацыю ў Іране цягам бліжэйшых двух тыдняў. Заява прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа была зачытана на брыфінгу для прэсы ў Белым доме. Трансьляцыю вёў канал Fox News.

Паводле Трампа, тэрмін выбраны «з увагі на тое, што існуе значная імавернасьць правядзеньня перамоваў». Прэс-сакратар Белага дому Кэралайн Левіт ня стала адказваць на пытаньне, хто можа быць пасярэднікам у перамовах.

Адказваючы на пытаньне, ці зацікаўлены прэзыдэнт Трамп у зьмене рэжыму ў Іране, Левіт сказала, што Трамп зацікаўлены, каб у Ірану не зьявілася ядзерная зброя.

На пытаньне, ці ўнікае Трамп беспасярэдняга канфлікту з Іранам, Левіт адказала, што прэзыдэнт зацікаўлены ў дыпляматычным разьвязаньні, але «не баіцца ўжыць сілу».

Паводле Левіт, Іран мае ўсё неабходнае для стварэньня ядзернай зброі. Цяпер гэта пытаньне палітычнага рашэньня, сказала яна. Калі вярхоўны лідэр Ірану Алі Хамэнэі прыме такое рашэньне, атамная зброя зьявіцца ў Тэгерану цягам «некалькіх тыдняў». Трамп упэўнены, што ў гэтым не зацікаўленыя ўсе іншыя краіны, уключна з Расеяй.

Раней Reuters паведаміла, што спэцыяльны пасланьнік ЗША Стыў Уіткаф і міністар замежных справаў Ірану Абас Аракчы вялі тэлефонныя перамовы пасьля ізраільскіх удараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра ўдары ЗША па Іране: «Я магу гэта зрабіць, магу і не зрабіць»

13 чэрвеня Ізраіль пачаў апэрацыю «Народ як леў» супраць ядзернай і абароннай інфраструктуры Ірану. У адказ іранскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па ізраільскай тэрыторыі.

Паводле парталу Axios, Трамп «сур’ёзна разглядае» магчымасьць нападу на ядзерныя аб’екты Ірану. Амэрыканскія мэдыя паведамілі, што на нарадзе ў сытуацыйным пакоі Белага дому прэзыдэнт схіляўся да далучэньня да ізраільскай апэрацыі, але канчаткова Вашынгтон ня вызначыўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў неактыўны ядзерны рэактар; Іран ударыў па ізраільскім шпіталі